Шклоўская "хімія" сабрала для дзяцей з прытулку 600 тысяч рублёў
Грошы для дзяцей са Шклоўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра збіралі як сярод супрацоўнікаў папраўчай установы №49, так і сярод вязняў.
Як паведамілі Еўрарадыё супрацоўнікі шклоўскай "хіміі", з ініцыятывай сабраць грошы для дзяцей выступілі самі асуджаныя:
Супрацоўнік калоніі: "Супрацоўнікі збіралі па 10 тысяч, а асуджаныя паміж сабой вялі збор. Сабралі каля 600 тысяч, купілі падкоўдранікі, ручнікі дзіцячыя прыгожыя, цацкі да Новага года".
Аднак узнікае вялікае пытанне, наколькі “добраахвотна” ахвяравалі сродкі на гэту дапамогу вязні шклоўскай "хіміі", адзначае праваабарончы сайт "Вясна". Для жыхароў Шклоўшчыны не сакрэт, што ў бальшыні асуджаных заробкі вельмі нізкія, іх не хапае на самае неабходнае. Многім вязням пастаянна вымушаныя дапамагаць сваякі, каб тыя неяк маглі выжываць.