Скарга на забарону беларускага сцяга накіраваная Камісару Польшчы

Ён абскарджвае рашэнне пракуратуры і суда ў Быдгошчы. Гэтыя дзяржаўныя ўстановы прызналі правільнай забарону бел-чырвона-белага сцяга падчас матчу Беларусь-Літва чэмпіяната Еўропы па баскетболе.

30 лістапада Шчэкарэвіч атрымаў дакумент з суда ў Быдгошчы. У ім мусіла быць канкрэтнае тлумачэнне, чаму суд прыняў такое рашэнне. Але ў кароткім адказе на адну старонку не было ніякай аргументацыі. Па словах актывіста, гэта толькі пацвярджае тое, што суд і пракуратура прынялі рашэнне пра забарону беларускага сцяга не ў адпаведнасці з польскім заканадаўствам.

Нагадаем, што інцыдэнт адбыўся сёлета 25 чэрвеня. Служба аховы стадыёну ў Быдгашчы, дзе праходзіла гульня, перашкаджала групе беларускіх заўзятараў разгарнуць бел-чырвона-белыя сцягі, а потым сілай выдаліла беларусаў са стадыёну. Адмову Шчэкарэвіча выйсці з залы польская пракуратура і суд ацанілі як "актыўны супраціў супрацоўнікам аховы". Ужыванне сілы ахоўнікамі пракуратура і суд правапарушэннем не лічаць.