Складанасці на фінансавым і спажывецкім рынках Беларусі толькі пачынаюцца
Такое меркаванне выказаў амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бязсмертны у інтэрв'ю ўкраінскаму выданню "Люстэрка тыдня".
Ён адзначыў, што на працягу апошніх паўтара месяцаў вельмі ўскладнілася сітуацыя на валютна-фінансавым рынку. "А сёння гэты фактар узмацняе страх у беларускім грамадстве", — распавёў ўкраінскі дыпламат.
Па меркаванні Бязсмертнага, гэта выклікана эканамічнай палітыкай, дэфіцытам аплатнага балансу, негатыўным сальдам вонкавага гандлю. "Апроч таго, перамовы па ўвазных мытах на аўтамабілі і нафту, якія праводзіла Беларусь з Расіяй і Казахстанам у рамках стварэння Мытнага саюза, завяршыліся адназначна не на карысць Мінска. Летась мясцовыя аналітыкі казалі пра дэфіцыт бюджэту ў пяць мільярдаў долараў. Думаю, сёння гэты дэфіцыт значна больш. Усё гэта выклікае недахоп валюты, хоць з пачатку года Нацыянальны банк Беларусі выдаткаваў амаль адзін мільярд долараў са сваіх рэзерваў для пагашэння гэтага попыту. Але праблема застаецца. І ўладам прыйдзецца яе вырашаць", — канстатуе амбасадар.
На пытанне, ці можа ў Беларусі валютна-фінансавы крызіс перарасці ў палітычны, украінскі амбасадар адзначыў наступнае: "Складана сказаць. Але тое, што сёння адбываецца на фінансавым і спажывецкім рынках, усяго толькі пачатак", паведамляе БелаПАН.