Следчыя пакуль не могуць назваць імя мужчыны, забітага 7 жніўня ў Мінску
Пра гэта заявіў старшыня Следчага камітэта Валерый Вакульчык.
Нагадаем, уначы 7 жніўня на вуліцы Кузьмы Чорнага некалькімі стрэламі быў забіты 45-гадовы грамадзянін Расіі. Увечары 8 жніўня ў праграме "Панарама" тэлеканала "Беларусь 1" вядоўца паведаміла, што забойства — вынік разборак міжнародных злачынных груповак. Імя забітага — Бонда Шалікіяні, грамадзянін Расіі.
Пра тое, што ў Мінску забілі экс-дэпутата парламента Грузіі, бізнэсоўца Бонда Шалікіяні яшчэ 7 жніўня паведамілі грузінскія СМІ.
Між тым, старшыня Следчага камітэта кажа, што ў забітага былі дакументы на імя Бонда Паўлава, грамадзяніна Расіі. Пры гэтым Вакульчык не выключыў, што загінуў сапраўды Бонда Шалікіяні, адзначае БелаПАН. Па яго словах, грузінскаі МУС абвясціў Шалікіяні ў міжнародны вышук па абвінавачанні ў стварэнні ўзброенай злачыннай групоўкі і вымагальніцтве.