Спартоваму аглядальніку адмовілі ў акрэдытацыі на хатнія гульні ХК "Брэст"

Пра забарону прысутнічаць на брэсцкіх гульнях чэмпіянату Беларусі па хакеі Алесь Ляўчук даведаўся ад прэс-службы хакейнага клуба "Брэст". Яму паведамілі, што рашэнне прыняў асабіста дырэктар клуба Вадзім Драчоў.

Алесь Ляўчук: "Больш чым паўгода хакеісты клуба не атрымлівалі заробак і абяцалі байкатаваць бліжэйшы матч. Яны звярнуліся да мяне, і я напісаў пра гэта артыкул (на сайце champ.by — Еўрарадыё). Пасля публікацыі дырэктар пачаў выклікаць усіх гульцоў да сябе і літаральна "прэсаваць" іх. Пра гэта выйшаў ужо мой другі артыкул. Ім усё ж такі выплацілі грошы, а вінаватым застаўся я".

Дырэктар ХК "Брэст" паведаміў журналісту, што той трапіць на гульні, калі сваю асабістую згоду дасць начальнік аддзела па спорце і фізкультуры Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Хевук. Пытанне пра акрэдытацыю Леўчука будзе разглядацца 4 верасня на адмысловым паседжанні.

Калі журналіст усё ж такі не атрымае акрэдытацыю, ён плануе абскаржваць адмову і настойваць на афіцыйных тлумачэннях.