Спецслужбы некалькі гадоў сачылі за сям'ёй аднаго з падазраваных у тэракце?

КДБ Беларусі не будзе каментаваць інфармацыю пра тое, што спецслужбы некалькі гадоў сачылі за сям'ёй аднаго з падазраваных у тэракце ў мінскім метро. Пра гэта БелаПАН заявіў начальнік Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Аляксандр Антонавіч.


Пра тое, што сям'я аднаго з падазраваных знаходзілася пад сталым кантролем спецслужбаў, паведаміла расійскае інтэрнэт-выданне Life News.


Як распавёў Life News крыніца ў праваахоўных органах Беларусі, у супрацоўнікаў КДБ "было вялікае дасье". Яго сабралі яшчэ пасля выбуху ў Мінску ў 2008 годзе.

Сілавікі ведалі пра тое, што юнак амаль увесь вольны час марнаваў на выраб піратэхнікі і эксперыменты з выбухнымі рэчывамі. Але чамусьці яму ніхто не замінаў.

Па дадзеных крыніцы, падазраваны ў тэракце на ўліку ў міліцыі ніколі не быў. "Як толькі эксперты, якія працавалі на месцы тэракту ў мінскім метро, усталявалі, што самаробная выбухоўка была начынена арматурай і мела гадзіннікавы механізм, супрацоўнікі КДБ адразу ўспомнілі пра сям'ю з Віцебску: сыне-хіміку і бацьку-гадзіншчыку".