Справу сябра "Руху наперад" Дзмітрыя Няфёдава суд накіраваў на дапрацоўку

6 чэрвеня ў судзе Заводскага раёна Мінска пачаўся разгляд адміністратыўнай справы сябра "Руху наперад" Дзмітрыя Няфёдава. На грамадскага актывіста супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол за, нібыта, нецэнзурную лаянку падчас ператрусу. 


Сёння падчас разгляду справы суддзя Мікалай Балаўнёў звярнуў увагу на тое, што ўказаны ў пратаколе час, калі Дзмітры Няфёдаў лаяўся, не супадае з часам правядзення ператрусу. З гэтай прычыны справа была накіраваная на дапрацоўку, а грамадскага актывіста вызвалілі ў залі суда.

Нагадаем, 3 чэрвеня на кватэры актывіста Дзмітрыя Няфёдава ў Мінску супрацоўнікамі міліцыі быў праведзены вобшук. Перад гэтым яго дапыталі па справе аб падпале Дома правасуддзя. Увечары знаёмыя Дзмітрыя даведаліся, што ён знаходзіўся ў КДБ, а потым быў перавезены ў РУУС Заводскага раёну. Выходныя грамадскі актывіст правёў у ізалятары на Акрэсціна, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".