Сурапін хоча ажаніцца з дзяўчынай, якая даслала фота мядзведзікаў (відэа)
Праўда, Антон не можа скантактавацца з Кацярынай, таму спадзяецца, што яна пабачыць ягонае прызнанне ў інтэрнеце.
Адразу пасля вызвалення з турмы КДБ Антон Сурапін пачаў шукаць Кацярыну Скурат. Ён хоча прызнацца ў каханні дзяўчыне, якая прыслала яму фатаздымкі з плюшавымі мядзведзікамі. Гэтыя фотаздымкі сталі падставай для арышту і абвінавачання Сурапіна. Праз тэлеканал "Белсат" Антон прызнаецца Каці ў каханні і просіць яе выйсці на сувязь.
Фотаздымкі плюшавых мядзведзікаў трапілі да Сурапіна ад Каці Скурат, якая жыве ў Івянцы. З дзяўчынай фатограф пазнаёміўся праз сацыяльную сетку "ВКонтакте". А праз нейкі час яны пабачыліся ўжывую на цукеркавым фэсце ў Івянцы. Антон кажа, што напрыканцы таго фэсту зрабіў Каці жартаўлівую прапанову рукі і сэрца, але цяпер хоча паўтарыць свае словы ўсур’ёз.
Нагадаем, што 16-гадовая дзяўчына таксама прайшла праз допыт і шукала дапамогі ў незалежных журналістаў. Але потым яна знікла — яе тэлефон не адказвае, а старонка з сацыяльнай сеткі выдаленая.
Антон просіць дзяўчыну выйсці на сувязь і кажа, што праз 1,5 гады хацеў бы згуляць з ёю вяселле.