Сведка: Канавалаў казаў, што 11 красавіка яму трэба будзе кудысьці схадзіць

Некаторыя з пацярпелых патрабуюць, каб Дзмітрыя Канавалава прысудзілі да смяротнага пакарання, а Уладзіслава Кавалёва — да пажыццёвага.

Сярод іншых апытвалі дзяўчыну Яну, затрыманую на кватэры разам з Канавалавым і Кавалёвым, інфармуе БЕЛТА. Яна распавяла, што 10 красавіка Канавалаў казаў, быццам у панядзелак 11 красавіка яму трэба будзе адысці кудысьці ў 17.00. Ужо 11 красавіка, перад сыходам, Канавалаў сказаў, што не будзе шмат піць спіртнога, бо яму трэба было ісці.

Увечары 11 красавіка, ужо пасля вяртання Дзмітрыя, Яна з хлопцамі глядзела рэпартажы пра выбух. Кампанія абмяркоўвала, чаму гэта магло адбыцца.

Яна кажа, што на кватэры яны разам былі да затрымання ўвечары 12 красавіка. Дзяўчына сказала, што ў дзверы хтосьці настойліва званіў, але Канавалаў не адчыняў. Дзяўчына падумала, што гэта гаспадыня. Дзмітры паглядзеў у вочка, не сказаў, хто знаходзіцца за дзвярыма, але пачаў бегаць. Неўзабаве дзверы ўзламалі, і ў кватэры з'явіліся міліцыянты з аўтаматамі. Кавалёў тым часам спаў.

Па словах дзяўчыны, Канавалаў пытаў яе, што яна б зрабіла, калі б ёй засталося мала жыць. Яна спытала, ці ёсць у хлопца нейкія сур'ёзныя захворванні. Дзмітры адказаў, што няма.