Сяргей Каваленка заявіў, што можа зноў пачаць сухую галадоўку

Паводле слоў Віталя Каваленкі, брата палітвязня, Сяргей "выглядае кепска, моцна пахудаў" і значна страціў у вазе. Разам з ім у камеры знаходзіцца яшчэ тры чалавекі, якія паляць і ўжываюць пры ім ежу. Сяргей Каваленка заявіў, што лічыць сябе несправядліва асуджаным, таму працягне галадаць за кратамі, патрабуючы вызвалення. Да таго ж, ён не выключае, што зноў распачне сухую галадоўку, паведамляе БелаПАН.

Нагадаем, Сяргей Каваленка быў асуджаны Першамайскім судом Віцебска на 2 гады і 1 месяц калоніі. Яго звінавацілі ў парушэнні рэжыму адбыцця пакарання пасля суда за вывешаны бел-чырвона-белы сцяг на навагодняй елцы ў Віцебску.