Сяргея Марцалева хочуць пазбавіць віду на жыхарства ў Польшчы

Як інфармуе Радыё "Свабода", польскія ўлады пачалі працэдуру пазбаўлення віду на сталае жыхарства Сяргея Марцалева — былога кіраўніка перадвыбарчага штабу Міколы Статкевіча. Малады палітык атрымаў такое права яшчэ ў 2007 годзе. Сам ён кажа, што прызначае ўпаўнаважанага, каб разбірацца ў Польшчы з гэтай справай. Нагадаем, што па "справе 19 снежня" Марцалеў быў умоўна асуджаны. Таму цяпер ён не можа выехаць з Беларусі.

Марцалеў заяўляе, што не парушаў закону аб атрыманні віду на жыхарства. На яго думку, справу інспіравалі беларускія спецслужбы. Нагадаем, што з ініцыятывы Беларусі польскія суды каля 10 гадоў пераследуюць палітуцекача Андрэя Жукаўца. Нядаўна таксама быў затрыманы былы следчы з Жодзіна Андрэй Пыжык.

Фота — svaboda.org