Сёння стартуе нацыянальны адбор на міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне"

Праслухоўванне ўдзельнікаў прафесійным журы адбудзецца 30 і 31 кастрычніка, пасля чаго стануць вядомыя імёны выканаўцаў, якія прайшлі ў наступны этап. Фінал нацыянальнага адбору, паводле вынікаў якога будзе вызначаны прадстаўнік Беларусі на конкурсе "Еўрабачанне-2013", пройдзе 7 снежня, паведамляе БелаПАН.

БЕЛТА адзначае, што ў ліку жадаючых прадставіць нашу краіну на міжнародным конкурсе песні — Алена Ланская, Аляксандра & Канстанцін, Саша Нэма, Юзары, N.R.M. з Пітам Паўлавым, The Champions ды іншыя.

Нагадаем, арганізатарам адбору з'яўляецца Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Беларусі. Адбор праводзіцца ў адпаведнасці з правіламі конкурсу, якія ўстаноўлены Еўрапейскім вяшчальным саюзам.

Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2013" пройдзе ў траўні наступнага года ў Швецыі.