У Беларусі наогул не шыюць школьных касцюмаў?! (фота)
Каб не выконваць санітарныя нормы і не рабіць вопратку з натуральных тканін, фабрыкі шыюць не школьныя пінжакі, а адзенне “для дзяцей школьнага ўзросту”.
Бліскучыя касцюмы для хлопчыкаў і сукенкі для дзяўчат разлятаюцца ўмомант – бацькі збіраюць дзяцей у школу. Вытворцы кажуць, што сёлета амаль у два разы перавыканалі план.
“З Мінгандлем у нас было ўзгоднена 46 тысяч прадметаў вопраткі. А ў выніку мы ўжо выпусцілі 88 тысяч. Ёсць попыт”, – рапартуюць на фабрыцы “Камінтэрн”.
Пакуль вытворцы радуюцца прыбыткам, Еўрарадыё ўзгадала пра санітарныя патрабаванні да так званага “дзелавога стылю” ў школе.
“Дапушчальныя ўкладанні сінтэтычных валокнаў і нітак ў тэкстыльныя матэрыялы школьнай формы ўсіх узроставых груп не павінны перавышаць 30-35% у рэчах блузачнага і сарочачнага асартыменту і 55% – у касцюмнага і сукенкавага”, – гаворыцца ў дакуменце.
Такім чынам, школьны касцюм павінен быць напалову натуральным.
Набыць у крамах такі касцюм… амаль немагчыма! Прынамсі, Еўрарадыё ў мінскім ГУМе і ЦУМе здолела знайсці дзіцячы касцюм на чацвёртакласніка з 45% воўны, і на першакласніка – 33% віскозы. Усё іншае на 80% з паліэстэру і 20% віскозы. У лепшым выпадку, доля віскозы “павялічваецца” да 35%. Спробы Еўрарадыё нагадаць фабрыкам аб пастанове Мінздароўя разбіваюцца аб сцяну.
“У першы год, калі былі ўведзеныя новыя нормы, мы амаль 90% калекцыі, выпусцілі з паўвоўны – мы прагарэлі. Бацькі не куплялі ў такой колькасці ваўняную вопратку”, – кажуць на гомельскай фабрыцы “Камінтэрн”.
Начальніца аддзела маркетынгу і гандлю “Камінтэрна” Кацярына Курачэнка прызнае, што касцюмы з натуральных тканін – гэта праблема:
“Санітарныя нормы не забараняюць вопратку для школы са змешаных тканін. 70% калекцыі нашай – гэта вопратка са змешаных тканін. Віскоза і паліэстэр. І прыкладна 30% прыпадае на вопратку з паўвоўны – сумесь воўны і паліэстэра. 33% натуральных валокнаў і 67% штучных. Бываюць суадносіны 35 на 65%”.
Аднак у “Камінтэрне” сцвярджаюць, што законаў не парушаюць:
“Паняцця “школьнай формы” у нас няма. Школьная форма ў Беларусі не ўведзеная. У нас уведзены дзелавы стыль вопраткі”.
Еўрарадыё заўважыла, што ўсё нібыта “школьныя” касцюмы ў крамах, маркіруецца як “адзенне для малодшага (сярэдняга, старэйшага) школьнага ўзросту” (для святочных выпадкаў). Але пастанова за подпісам галоўнага санітарнага лекара тычыцца менавіта школьнай формы. У Беларусі наогул няма школьнай вопраткі!?
Такі пінжак прапануюць вучням 4-га класа. Ён адносна натуральны - цэлых 35% віскозы! Хаця паводле норм для школьнай формы, віскозы павінна было б быць не менш за 45%.



А гэта пінжак для першаклашак. Віскозы яшчэ менш.


Сярод іх ёсць адзін пінжак, які адпавядае нормам!

Загалоўнае фота: photo.bymedia.net