У Белавежскую пушчу патрэбны культуролаг не ніжэй за 180 см

Такому чалавеку будуць плаціць паўтара мільёна беларускіх рублёў. Сайт Нацыянальнага парка "Белавежская пушча" аб’явіў яшчэ пра некалькі вакансій, але яны маюць менш абмежаванняў. Праўда, і аклад меншы.

 
Цяпер Нацыянальны парк "Белавежская пушча" рыхтуецца вярнуць Дыплом ЮНЭСКА за поспехі ў ахове прыроды. Гэтага дакумента ён быў пазбаўлены за нядбайнасць у 2002 годзе. Дзеля гэтага пад кіраўніцтвам новага дырэктара пушча падвойвае запаведную тэрыторыю. 


Звольнены 10 гадоў таму намеснік дырэктара парка па навуцы Георгій Казулька характарызуе новага дырэктара Аляксандра Бурага хутчэй станоўча. Аднак эксперт піша на сваім сайце, што нават высокарослыя культуролагі вярнуць дыплом ЮНЭСКА не дапамогуць. Дзеля Дыплома трэба выдаляць з Белавежскай Пушчы забаўляльна-турыстычную рэзідэнцыю Дзеда Мароза. Але падобна, што акурат кандыдата на ролю Дзеда Мароза цяпер шукае адміністрацыя.