У Бразіліі абвясцілі трохдзённую жалобу па ахвярах пажару ў клубе
Такое рашэнне прыняла прэзідэнт краіны Дзілма Русеф.
Даведаўшыся пра трагедыю, прэзідэнт вырашыла спыніць удзел у саміце Еўрасаюза і дзяржаваў Паўднёвай Амерыкі ў сталіцы Чылі Сант'яга і вярнуцца на радзіму.
На ўзроўні штата Рыў-Грандзі-ду-Сул жалоба будзе працягвацца тыдзень, а ў горадзе Санта-Марыя — месяц, інфармуе РБК са спасылкай на бразільскія СМІ. Па ўсёй краіне адменены шэраг забаўляльных мерапрыемстваў, у прыватнасці, чарговыя матчы футбольнага чэмпіянату.
Нагадаем, што напярэдадні ў пажары ў начным клубе Kiss у горадзе Санта-Марыя загінулі 233 чалавекі (спярша паведамлялася пра 245 загінулых).
У лякарнях зараз знаходзяцца 117 пацярпелых. Лекары кажуць, што большасць пацярпела ад таксічных газаў, а не ад адкрытага полымя. Прыкладна 90% смерцяў таксама былі выкліканы ўдушшам. Пакуль атрымалася выявіць асобы 185 загінулых. Вялікая частка загінулых — маладыя людзі 20-гадовага ўзросту, а таксама некалькі дзяцей і падлеткаў.
Фота — ria.ru