У Брэсце кандыдат просіць адмяніць вынікі выбараў на сваёй акрузе
Сваю просьбу ён абгрунтоўвае шматлікімі парушэннямі выбарчага заканадаўства.
Адпаведную заяву кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Брэсцкай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №2 Ігар Маслоўскі накіраваў у акруговую камісію.
“Па-першае, 11 верасня адзін мой выбарчы ўчастак, № 25, быў расфарміраваны і зноў утвораны ўжо ў Брэсцкай-Пагранічнай выбарчай акрузе № 4. Прабачайце, гэта каля 2 тысяч выбаршчыкаў. Мы ўжо правялі збор подпісаў, кампанію “Ад дзвярэй да дзвярэй”, у разгары была агітацыйная кампанія, раздалі больш за 1000 улётак… У адпаведнасці з Выбарчым Кодэксам, участкі для галасавання ўтвараюцца за два месяцы да выбараў. Па-другое, маімі назіральнікамі, даверанымі асобамі было пададзена звыш 30 скаргаў. У прыватнасці, многім не падавалі дадзеныя аб колькасці выбаршчыкаў, аб колькасці тых, хто прагаласаваў, а на шэрагу ўчасткаў іх наогул не падпусцілі да месца падліку галасоў бліжэй за 3-5 метраў”, — удакладніў спадар Маслоўскі.