У Брэсце прадстаўлена кніжная калекцыя, падораная пасольствам ЗША
У Брэсце 3 лютага прадстаўлена кніжная калекцыя, падораная абласной бібліятэцы імя Горкага пасольствам ЗША ў Беларусі.
Гэта каля 200 кніг, выдадзеных у Амерыцы, у тым ліку мастацкая літаратура для дарослых і дзяцей, літаратура па мастацтве, а таксама амаль 30 выданняў пра Тадэвуша Касцюшку, паведамляе БелаПАН.
"Я вельмі рады, што ўсе гэтыя кнігі будуць у вас. І асабліва пра сусветна вядомага выхадца з Беларусі, нацыянальнага героя ЗША Тадэвуша Касцюшку, — адзначыў у сваім выступленні консул пасольства ЗША ў Беларусі Антон Купер. — Яны дазволяць даведацца пра Касцюшку з амерыканскага пункту гледжання. Дарэчы, некаторыя з гэтых кніг — бібліяграфічная рэдкасць".
3 лютага Брэсцкай бібліятэцы таксама была перададзена калекцыя дыскаў з амерыканскай кінакласікай.