У брэсцкай фотажурналісткі сёлета "скралі" больш за 100 здымкаў
Незаконным выкарыстаннем аўтарскіх фота найбольш вызначыўся інфармацыйны рэсурс 21.by.
Некалькі месяцаў на гэтым сайце без пазнакі аўтарства размяшчаліся артыкулы газеты "Брестский курьер". Не падпісвалі рэдактары сайта і адпаведныя матэрыялам здымкі, аўтарам якіх з'яўляецца штатны фотакарэспандэнт "БК" Мілана Харытонава.
Разбіральніцтва з гаспадарамі рэсурсу цягнулася некалькі тыдняў. Прадстаўнікі сайта ў перапісцы з журналісткай апраўдваліся тым, што
перадрукоўку матэрыялаў рабіла... праграма-робат. А ў яе у функцыях няма самастойнага падпісвання артыкулаў.
Аднак ліставанне не засталося бясплённым: апошнія перадрукоўкі на сайце 21.by публікуюцца ўжо з імёнамі аўтараў. Мілана Харытонава кажа, што пры паўторы "пазычальнай" практыкі дамагацца справядлівасці яна будзе ўжо праз суд. Журналістка лічыць, што сайт зарабляе на яе працы.
Харытонава: "Я не буду патрабаваць ніякіх грашовых кампенсацыяў, а толькі каб іх прымусілі падпісаць усе здымкі. То бок мне нічога не
патрэбна апроч таго, каб людзі зразумелі ў рэшце рэшт, што аўтарскае права нават у Беларусі дзейнічае. Трэба датрымлівацца пэўных правілаў і паважаць сваіх калег. Калі ты ўжо карыстаешся чужой працай, то рабі гэта прыстойна, каб пазбегнуць крыўдаў і непаразуменняў".
Фота — virtual.brest.by