У Брэсцкай крэпасці знайшлі парэшткі двух чырвонаармейцаў
Пошукі распачаліся дзякуючы ініцыятыве грамадскіх актывістаў.
Бурэнне шурфоў на месцы былой варонкі, куды немцы ссыпалі целы, пачалося на мінулым тыдні. Працы каля Свята-Мікалаеўскага сабора на Цытадэлі вяліся вайскоўцамі спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Былі знойдзеныя дробныя фрагменты костак і прынятае рашэнне правесці ручны раскоп. Учора знайшлі парэшткі двух чырвонаармейцаў, паведамляе газета “Вечерний Брест”.
Варта нагадаць, што перад адзначэннем 70-х угодкаў нападу фашысцкай Нямеччыны на Савецкі Саюз у брэсцкай блогасферы з’явілася фота гіганцкай варонкі, меркавана ад снарада артылерыйскай сістэмы “Тор”, у якую з воза скідаюць трупы людзей у вайсковай форме. На другім плане выразна бачны былы чырвонаармейскі клуб, на сёння Свята-Мікалаеўскі сабор.

