У Бруселі абмяркуюць адносіны паміж ЕС і Беларуссю
На наступным тыдні чакаецца правядзенне "другога раўнда тэхнічнага дыялогу паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам".
Пра гэта паведаміла кіраўніца прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майра Мора падчас экспертнай канферэнцыі "Беларусь на скрыжаванні інтэграцый: адносіны з ЕС у сітуацыі фарміравання Еўразійскага саюза", якая прайшла ў Мінску.
"Адносіны Беларусі і ЕС калісьці былі ў значна лепшай форме, чым цяпер", — канстатавала Мора. Аднак, дадала яна, у параўнанні з вясной гэтага года [калі ўсе еўрапейскія паслы пакінулі Беларусь] "гэтыя адносіны палепшыліся".
Цяпер адносіны паміж Мінскам і Бруселем ускладненыя палітычнымі рознагалоссямі, адзначыла Майра Мора. "Вызваленне і аднаўленне ў правах палітычных зняволеных — самае галоўнае ў руху наперад", — падкрэсліла кіраўніца прадстаўніцтва ЕС.
Мора нагадала аб праграме Еўрасаюза "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі для Беларусі", ад удзелу ў якой адмовіўся афіцыйны Мінск і якая рэалізуецца з удзелам прадстаўнікоў беларускай апазіцыі. У прыватнасці, сказала яна, на шляху наладжвання адносінаў паміж Бруселем і Мінскам "пазітыўным знакам стала б прыняцце беларускімі ўладамі рашэння аб удзеле ў "Еўрапейскім дыялогу аб мадэрнізацыі для Беларусі", інфармуе БелаПАН.
Фота — bymedia.net