У чарзе на беларуска-польскай мяжы пратэставалі кіроўцы (фота)
Незадаволеныя парадкам пропуску праз пераезд "Варшаўскі мост", яны заблакавалі рух сваімі аўтамабілямі.
Як паведамляе "Віртуальны Брэст", позна ўвечары 3 жніўня перад прапускным пунктам сабралася вельмі вялікая колькасць аўтамабіляў — у 5 шэрагаў. У гэтай сітуацыі кіроўцы вінавацяць і памежнікаў, і мытнікаў, маўляў, занадта павольна працуюць. У выніку людзі павыходзілі з машын і сталі спрабаваць самастойна рэгуляваць чаргу, патрабуючы навядзення парадку.
Памежнікі былі вымушаныя выклікаць міліцыянтаў і ДАІ. Сваю незадаволенасць пануючым бязладдзем пратэстоўцы пачалі выказваць праваахоўнікам, калі тыя прыбылі на месца.
Праз некаторы час памежнікі ўсё ж пачалі запускаць аўтамабілі на КПП, а праз паўгадзіны сітуацыя цалкам стабілізавалася. Больш спробаў узняць бунт не было.
