У Докшыцкім раёне раптам загінуў 41 еўрапейскі алень
Прычыны масавай гібелі жывёлаў пакуль невядомыя.
Здарэнне адбылося ў вальеры паляўнічай гаспадаркі Докшыцкай раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Там утрымоўвалі больш за 70 жывёлаў. Літаральна праз некалькі месяцаў паўсотні асобінаў меркалі выпусціць, каб яны маглі жыць у натуральных умовах.
Кіраўнік докшыцкіх паляўнічых Аляксандр Кізін у каментары газеце "СБ — Беларусь Сегодня" паведаміў, што жывёлаў куплялі ў Аршанскім раёне і Прыбалтыцы. Ён сумняецца, што прычынай масавай гібелі стаў недагляд егераў. Перад тым амаль тры гады алені жылі ў Докшыцкай гаспадарцы, і былі толькі адзінкавыя смяротныя выпадкі.
Праверку здарэння вядзе мясцовая міліцыя. Між тым ветэрынары кажуць, што некаторыя з мёртвых жывёлаў былі проста знясіленыя — магчыма, ад недакорму.
Фота — moe-online.ru