У двайной аварыі на М10 сутыкнуліся адразу 4 аўтамабілі (фота)
Здарэнне адбылося ўвечары 5 красавіка ў Лунінецкім раёне.
На дарозе "Гомель — Кобрын" спачатку сутыкнуліся дзве машыны, а потым у адну з іх урэзаўся ВАЗ з расійскімі нумарамі. У выніку гэтых здарэнняў пацярпелі чатыры чалавекі, паведамляе рэгіянальны сайт “Медыя-Палессе”.
Паводле папярэдняй інфармацыі, службовы аўтамабіль Volkswagen Jetta пры абгоне выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з Sеат Toledo.
Дапамагчы пацярпелым вырашыў кіроўца Opel. Ён спыніўся і праз некаторы час сам стаў удзельнікам аварыі. Кіроўца ВАЗу, 60-гадовы жыхар Расіі, позна заўважыў, што здарылася, і ўрэзаўся ў Volkswagen, якога затым адкінула на Opel.
Пасля здарэння быў шпіталізаваны пасажыр Seat, астатнія пасля аказання медыцынскай дапамогі адпушчаныя дадому. Па факце аварыі праводзіцца праверка.


