МЗС высвятляе, ці беларусы скралі залатое яйка за 1 мільён еўра

Як паведамляе французскае выданне La Depeche, яйка было выяўлена падчас дарожнай праверкі. Прадстаўнікам французскай паліцыі падаўся падазроным аўтамабіль маркі BMW. Пасля таго, як яны спынілі машыну і абшукалі яе, знайшлася выкрадзеная каштоўнасць.

Былі затрыманы кіроўца і пасажыр аўтамабіля, якія назваліся грамадзянамі Беларусі. Пазней паліцыянты затрымалі яшчэ аднаго беларуса, якога палічылі памагатым перавозчыкаў залатога яйка. Усіх траіх вінавацяць у крадзяжы, захоўванні крадзенага, а таксама ў незаконным абароце зброі.

Падазраваныя падзяліліся з французскай паліцыяй дзвюма версіямі таго, як да іх патрапіла каштоўнасць. Паводле першай, яны знайшлі яйка ў зямлі, а паводле другой, яны набылі прадмет на блышыным рынку.

Залатое велікоднае яйка, знойдзенае ў Францыі, з'яўляецца імітацыяй працы Фабержэ. Нягледзячы на гэта, кошт прадмета складае ад 800 тысяч да мільёна еўра. Вышыня яйка складае 25 сантыметраў, а шырыня роўная 19 сантыметрам. Для яго стварэння выкарысталі больш за кілаграм золата. Яйка ўпрыгожанае вялікай колькасцю каштоўных камянёў.

МЗС Беларусі высвятляе ў французскай паліцыі, ці сапраўды затрыманыя з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі. Як паведамляе БЕЛТА, двое з трох затрыманых назвалі сябе беларускімі грамадзянамі, але дакументаў, якія б гэта пацвярджалі, пры сабе не мелі.

Фота — La Depeche