У Глыбокім скупляюць заляжалы тавар і стаяць у чарзе па валюту

Бралі усё: дзіцячыя цацкі, касметыку, сродкі гігіены, бытавую тэхніку. Таксама вялікім попытам карысталіся тыя прадукты ў харчовых крамах, на якія не паспелі памяняць цэннікі.

Каля абменнікаў “Аграпрамбанка” і “Беларусбанка” ўжо зранку былі чэргі па валюту. Асабліва шмат людзей стаіць каля абменніка “Аграпрамбанку”, які размешчаны на цэнтральнай плошчы горада.

Як паведаміў адзін з пакупнікоў, чаргу ён займаў а 3 гадзіне ночы і быў ужо трэцім. Па яго словах, ён здаў металалом і вось ужо другі тыдзень мяняе рублі на долары. За дзень удаецца купіць да 100 долараў. “Але гэта не кожны дзень, — кажа ён, — хаця адзін раз пашанцавала  купіць 120”.

Зараз курс павысіўся да 4500 рублёў за долар, але ніхто не спяшаецца несці грошы ў абменнік. Усе чакаюць далейшага падзення рубля.

Яшчэ адна жанчына, што жыве  непадалёк ад абменніка, паведаміла, што за суткі ёй удаецца два разы стаць у чаргу па валюту. Набытую валюту яна адразу здае дробным прадпрымальнікам на рынку па “чорным” курсе.  Па яе словах, да 15-й гадзіны толькі 9 чалавек здалі валюту ў абменнік. У гэты час у чарзе каля абменніка стаяла 12 чалавек.