У Гомелі з’явіцца крэатыўная Алея лавак
Адміністрацыя Савецкага раёна горада абвясціла конкурс на яе стварэнне.
Паводле ўмоваў конкурсу, дызайнеры і проста творчыя людзі могуць прапанаваць сваё бачанне звыклага атрыбута адпачынку. Асноўнае патрабаванне — лаўка павінна заставацца функцыянальнай, але пры гэтым вылучацца дызайнерскім выкананнем. Лаўкі можна рабіць з дрэва, металу і каменя. Праекты прымаюць да 14 снежня. Пераможцам абяцаюць прэмію.
Мяркуецца, што найлепшыя ідэі будуць рэалізаваныя ўжо ў наступным годзе ў парку Фестывальны па суседстве з Алеяй закаханых, якая тут была створаная раней, інфармуе БЕЛТА.