У Гродне прэзентуюць аўдыёкнігу ўспамінаў Ларысы Геніюш

Як піша "Наша ніва", прэзентацыя адбудзецца 5 лістапада ў межах Дзён святога Губерта. Пачатак а 18.30 па адрасе: Гродна, Будзённага 48а-38.

Аўдыёкніга выдадзена Беларускім гістарычным таварыствам ў Польшчы і Беларускай інтэрнэт-бібліятэкай Kamunikat.org. У сустрэчы разам з Зінаідай Бандарэнка возьмуць удзел Алесь Камоцкі і Міхась Скобла.

Выдаўцы абяцаюць, што ўсе прысутныя атрымаюць аўдыёкнігу ў падарунак.

Ларыса Геніюш (1910 — 1983) — паэтка, грамадская дзяячка. У 1948 годзе разам з мужам у Чэхаславаччыне была арыштаваная савецкімі спецслужбамі, да 1956-га знаходзілася ў зняволенні. Пасля вызвалення жыла ў Зэльве, не прыняла савецкага грамадзянства. Жыла пад наглядам, была духоўным лідарам беларускага нацыянальнага руху, які ў часы савецкай улады дзейнічаў канспірацыйна.