У Гродне слінгамамы зладзілі вулічнае шэсце і фотасэсію
Дзесятак маладых жанчын з дзецьмі ў слінгах шпацыравалі па цэнтральных вуліцах горада, танчылі ў парку і ахвотна пазіравалі журналістам. Такім чынам мамы імкнул
Мінулы тыдзень у многіх краінах свету адзначылі пад лозунгам
“Бяспечнае слінганашэнне: цешцеся перавагамі!”. Міжнародны тыдзень
слінганашэння закрануў і горад над Нёманам. Святочнае сямейнае шэсце,
якое прайшло 9 кастрычніка, наведала Еўрарадыё.
Смех удзельнікаў працэсіі і вулічны шум не перашкаджаў маленькай Варвары спакойна спаць у слінгу. Яе маці Яўгенія карыстаецца ім толькі 2 месяцы, але ўжо паспела ацаніць усе выгоды гэтага прыстасавання:
“Гэта
называецца май-слінг. Ён больш за ўсё падобны на сучасны заплечнік. Так
жа, як і ў любым слінгу, тут рэгулююцца лямкі. Дзіцё расце, і слінг
можна не мяняць. Ён будзе падыходзіць”.
Бацька Варвары Андрэй таксама часам носіць сваю 5-месячную дачушку ў слінгу:
“Я
таксама лічу, што гэта вельмі зручная рэч. Калі, напрыклад, мамы няма
дома, кудысьці трэба выйсці — дзіцё само не пакінеш. А з вазком яго
цяжка вывозіць у краму. А так атрымліваецца хутка, эканоміцца час і
свабода рухаў!”
Па дарозе ад драмтэатра да
парка Жылібера слінгабацькі раздавалі мінакам адмысловыя балонікі,
сцяжкі ды ўлёткі з інфармацыяй пра розныя віды слінгаў. У канцы шэсця
мамы зрабілі своеасаблівы сюрпрыз. Каб пераканаць выпадковых гледачоў у
бяспецы і зручнасці слінга, яны станчылі разам са сваімі дзеткамі.
У
арганізацыі Тыдня слінганашэння ўдзельнічала Ганна Кузняцова. На
сённяшні дзень яна адзіны сертыфікаваны слінгакансультант у Гродна.
Адмысловы экзамен Ганна здавала пры расійскай Асацыяцыі
слінгакансультантаў. Каб атрымаць такі статус, валодаць тэорыяй гэтага
майстэрства мала. Свайго сына Ганна два гады насіла ў слінгу.
“Калі
ён побач, на адлегласці пацалунка, я і пакарміць яго магу, калі ён
захацеў. Гэта вельмі прыемна. Я часта сустракаю бабуляў, якія гавораць,
што нас у вёсцы так насілі. Са мной у доме жыве бабуля, у вёсцы якой
насілі дзяцей у рушніках”, — гаворыць Ганна.
Ганна
Кузняцова дапамагае маладым бацькам правільна выбраць і карыстацца
слінгам, праводзіць заняткі ёгі для цяжарных і актыўна ўдзельнічае ў
абмеркаваннях тэм слінгаў на мясцовым інтэрнэт-форуме.
“Часта
баяцца зрабіць дзіцё ручным. Гавораць: “Носіце яго на сабе! Потым ён
ручны будзе!” Я апрача таго, што слінг-кансультант, яшчэ ўрач-тэрапеў. І
хачу прафесійна заявіць, што цалкам задаволеная патрэба знікае. То бок
у дзіця ёсць патрэба быць залежным — хай ён пабудзе на руках, калі для
яго гэта фізіялагічна натуральна. Потым гэта дапаможа яму быць больш
самастойным”, — пракаментавала Ганна Кузняцова.




