У Гродне выратавальнікі знялі 8-гадовага хлопчыка са спадарожнікавай антэны
Здарэнне адбылося 21 лютага.
Выратавальнікаў выклікала гродзенка, якая выпадкова пабачыла васьмігадовага хлопчыка на кранштэйне спадарожнікавай антэны. Хлопчык спрабаваў выбрацца на вуліцу праз гаўбец, але няўдала.
Па словах дзіцяці, яго мама сышла з хаты напярэдадні ўвечары, сказаўшы, што на пару гадзін. Не знацшоўшы мамы зранку, хлопчык вырашыў выбрацца на вуліцу, аднак не змог адчыніць дзверы. Тады па прыкладзе кінагерояў, паведамляе БЕЛТА, ён прывязаў вяроўку да стала на гаўбцы і перамахнуў праз агароджу. Вяроўка выслізнула, а дзіця паспела схапіцца за антэнны кабель і правісела на кранштэйне да прыезду выратавальнікаў.
Хлопчыка часова змясцілі ў прытулак. Яго 30-гадовая маці сама з'явілася ў міліцыю. Раней жанчына ўжо траплялася міліцыянтам за злоўжыванне спіртнымі напоямі.