У Гродне вызначылі лепшыя грамадскія ініцыятывы (фота)

Спаборніцтва зладзіла грамадскае аб’яднанне “Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятываў “Трэці Сектар”. Арганізатары аб’явілі дзве намінацыі: “Лепшы інтэрнэт-рэсурс, які папулярызуе ідэю грамадскай актыўнасці” і “Лепшая грамадская ініцыятыва альбо інтэрнэт-кампанія, скіраваная на вырашэнне праблем супольнасці”. Сярод 14 ўдзельнікаў пераможцаў абралі інтэрнэт-карыстальнікі. Паводле вынікаў галасавання, лепшыя – гродзенскія раварысты з акцыямі “Крытычная маса”, “Бардзюрная пятніца” і сайтам “Вела-Гродна”.

Яшчэ аднаго лідара сярод грамадска карысных сайтаў абрала прафесійнае журы. Ім стаў рэсурс, прысвечаны назіранням за птушкамі, birdwatch.by.

14 ініцыятываў, прадстаўленыя на конкурсе “Будзь у Трэцім!”, - далёка не адзіныя на Гродзеншчыне. Арганізатары задаволены і такой колькасцю ўдзельнікаў. І, не гледзячы на ўсе цяжкасці ў грамадскім сектары, плануюць зрабіць конкурс традыцыйным:

“Мы апасаліся, што не знойдзецца дастатковай колькасці ініцыятываў, - расказаў Еўрарадыё старшыня праўлення ГА “Цэнтр “Трэці Сектар” Вітаўт Руднік. - Такіх ініцыятываў грамадскіх, грамадскіх арганізацый і ўвогуле сацыяльных акцый проста мала. Гэта спецыфіка не толькі Гарадзеншчыны, але ўсёй Беларусі, якая адстае ў тысячы разоў ад суседзя сваіх па колькасці такіх арганізацый. Гэты конкурс паказаў, што ёсць неабходнасць у тым, каб займацца папулярызацыяй дзейнасці грамадскіх ініцыятываў. Гэта спрыяе і развіццю гэтых ініцыятываў, і развіццю ўсяго грамадскага сектара ў цэлым. Дае шанец людзям даведацца, што ёсць хтосьці, хто дбае не толькі пра ўласны дабрабыт. Але і пра тое, каб было чысцей, лепш, багацей”.