У Гродне забаранілі навуковую канферэнцыю на альтэрнатыўных Днях горада
За дзень да мерапрыемства арганізатарам адмовілі ў памяшканні.
Міжнародная навуковая канферэнцыя “Гарадзенскі палімпсест” была запланаваная на 5-6 лістапада ў Беларускім інстытуце правазнаўства. Як паведаміў Еўрарадыё гісторык Алесь Смалянчук, прычыну адмовы ім ніхто не патлумачыў:
Смалянчук: “Я маю толькі неафіцыйную інфармацыю на дадзены момант. Верагодна, з падачы мясцовых ідэолагаў: ці то з выканаўчых камітэтаў, ці то з гістфака — міністр адукацыі не дазволіў сабрацца нам ва ўніверэсітэце. Яны проста не могуць сабе дазволіць, каб гісторыяй Гродна на сур’ёзным навуковым узроўні займаўся хтосьці іншы, апрача ім саміх”.
Канферэнцыя ўсё ж адбудзецца ў адпаведнасці з праграмай у памяшканні адной з недзяржаўных арганізацый. “Гарадзенскі палімпсест” адкрыецца заўтра а 9-й гадзіне па адрасе: вуліца Будзёнага 48а-100. Удзел у канферэнцыі возьмуць больш за 20 даследчыкаў Гродна з Беларусі, Расіі ды Польшчы.