У Гродне затрыманыя актывісткі Надзея Крапівіна і Вераніка Лемяноўская

Уначы ў Гродне затрыманыя жонка Алеся Кіркевіча Надзея Крапівіна і яе сяброўка Вераніка Лемяноўская. Іх затрымалі за нібыта расклейванне ўлётак. Дзяўчаты знаходзяцца ў пастарунку, паведамляе Радыё Свабода.

Маці Надзеі Крапівінай — спадарыня Ніна — сказала, што раніцай у іх кватэры правялі ператрус, канфіскавалі ноўтбук, улёткі "Свабоду Кіркевічу!", "Свабоду Дашкевічу!"

Бацька Веранікі Лемяноўскай Мікола паведаміў, што раніцай нехта званіў у дзверы, але паколькі ён моцна спаў пасля начной працы, то адразу не пачуў, а потым, калі ўжо выйшаў на вуліцу, пабачыў, што міліцэйская машына з'ехала.