У Грузіі тэлебачанне паказала запіс катаванняў зняволеных у турме
Пасля гэтага на вуліцы грузінскіх гарадоў выйшлі тысячы людзей. Прэзідэнт Міхаіл Саакашвілі паабяцаў пакараць вінаватых у катаваннях.
Відэаматэрыялы распаўсюдзілі тэлекампанія "Маэстра" і "9-ы канал". У прыватнасці, былі паказаныя кадры з катаваннямі зняволеных, якія адбываюць пакаранне ў Глданскай турме ў Тбілісі. Ахоўнікі не толькі збіваюць асуджаных, але і гвалцяць іх гумовымі дубінкамі.
Спантанныя акцыі пратэсту прайшлі ў Тбілісі, Поці, Горы і Батумі. Як паведамляе "Грузія-анлайн", некалькі соцень чалавек перакрывалі дарогу ў цэнтры Тбілісі. Акцыі працягнуцца і сёння.
Прэзідэнт Міхаіл Саакашвілі зрабіў спецыяльны зварот да насельніцтва. Ён прызнаўся, што кадры, якія паказалі тэлеканалы, яго шакавалі. Саакашвілі паабяцаў, што вінаватыя ў гэтых злачынствах будуць пакараныя і правядуць "шмат гадоў у турме".
Ужо адпраўлены ў адстаўку старшыня дэпартамента па выкананню пакаранняў Давід Чакуа.

Фота — springator.livejournal.com