У індэксе ядзернай пагрозы Беларусь — на ўзроўні Аргентыны ды Італіі

Сістэматызаваная інфармацыя паказвае, у якіх умовах захоўваюцца ядзерныя кампаненты ў 176 краінах свету. Беларусь у спісе суседнічае з дзяржавамі, якія ўяўляюць патэнцыйную ядзерную пагрозу для ўсяго свету, адзначае Радыё "Свабода".

Пры складанні індэксу найперш улічваліся такія фактары, як аб’ём ядзерных матэрыялаў, ступень іх абароненасці, месца, дзе яны захоўваюцца, аналіз палітычнай сітуацыі ў дзяржаве, узровень карупцыі і г.д. Усе краіны падзеленыя на адносна бяспечныя і тыя, якія ўяўляюць уяўную ці рэальную пагрозу.

На думку аўтараў, з гледзішча бяспекі не выклікаюць трывогі такія краіны, як Аўстралія, Аўстрыя, Венгрыя, Чэхія, Швейцарыя. ЗША разам з Бельгіяй займае 13-ы радок. Беларусь з Аргентынай і Італіяй якраз пасярэдзіне спісу — на 16-м месцы,  Расія — на 24-м. Унізе рэйтынгу — краіны, якія валодаюць ядзернай зброяй ці намагаюцца стварыць перадумовы для ўзбагачэння ўрану: Індыя, Кітай, Пакістан, Іран, В'етнам. Завяршае спіс Паўночная Карэя.