У інтэрнэт-крамах разам з курсам валют павялічваюцца і продажы
Курс долара ў турфірмах набліжаецца да 10 тысяч рублёў, а авіякампаніі адмаўляюцца прымаць рублі.
“Калі рэзкае павышэнне курсу, народ адчувае, што нешта нядобрае, і пачынае закупляць тавары. Прадаюцца, у асноўным, тэлевізары вялікіх дыяганаляў. Людзі стараюцца куды-небудзь укласці грошы”, — распавядае супрацоўнік інтэрнэт-крамы “Дёшево”.
За апошнія дні продажы павялічыліся на 30 працэнтаў. Зараз у інтэрнэт-краме долар каштуе 8300 рублёў, але яшчэ паўтара-два тыдні таму ён каштаваў толькі 6400 рублёў.
У інтэрнэт-краме “Electromarket” з мінулага тыдня ўсталяваўся курс долара ў 8000 рублёў. Супрацоўнік крамы кажа, што вялікаму курсу валюты ніхто з пакупнікоў не здзіўляецца — за паўгода прывыклі.
“Людзі стараюцца набываць рублямі, у іх няма выбару. Многія кажуць, што трэба збаўляць беларускія грошы — што ўвесну пры курсе долара 3500-4000 рублёў, што цяпер пры курсе 8000 рублёў. Баяцца, каб заўтра тавары не аказаліся даражэйшымі”.
У турфірме Sakub долар каштуе 9500 рублёў. Тым не менш, жадаючыя адпачыць у Іспаніі ці Грэцыі будуць расчараваныя: усе пуцёўкі на верасень даўно забраніраваныя. Ды і праблем з валютай у кліентаў Sakub няма — супрацоўніца фірмы ледзь узгадала, калі апошні раз прыносілі рублі.
“Разлічваюцца доларамі. Колькі я помню, за апошні месяц рублямі разлічваўся толькі адзін чалавек, і той плаціў безнаяўна. Увогуле продажы паменшыліся працэнтаў на 30 па ўсіх напрамках. Але, напрыклад, у Іспанію як ляталі, так і лятаюць. Можа, менш сталі браніраваць Турцыю”.
У турфірме “Нікатур” за тыдзень долар падаражэў на 500 рублёў, і цяпер яго курс складае 9000 рублёў.
У нацыянальнай авіякампаніі “Белавія” еўра каштуе танней, чым долар у інтэрнэт-крамах і турфірмах. Зараз курс еўра ў “Белавія” складае 7413 рублёў. Цікава, што яшчэ адна авіякампанія — “Турэцкія авіялініі” — ужо некалькі тыдняў не прадае квіткі за рублі. Разлічыцца можна толькі еўра ці доларамі. Супрацоўніца кажа, што калі нешта зменіцца на валютным рынку, неўзабаве “Турэцкія авіялініі” зноў пачнуць прымаць рублі.
Карэспандэнт Еўрарадыё паспрабаваў набыць рэмень ГРМ для Skoda 2003 года. Курс долара паводле сайта аўтазапчастак aw.by складае 8000 рублёў, а еўра — 11520 рублёў.
|
зараз |
8 жніўня |
7 чэрвеня |
10 траўня |
|
|
Інтэрнэт-крамы |
8000-8300 |
6900-7200 рублёў |
6200 |
4000-4200 |
|
Нацбанк |
5037 |
4999 |
4981 |
3061 |
|
Латвійскі банк Rietumu |
9300 |
8100 |
7600 |
5350 |
|
Турфірмы |
9000-9500 |
7400 |
8500 |
5000-5500 |
|
Крама аўтазапчастак aw.by* (еўра) |
11520 |
9150 |
8700 |
7100 |
Фота: profinance.kz