У Кіеве патрабавалі вызваліць затрыманых у Мінску украінцаў (фота)
25 сакавіка каля 40 прадстаўнікоў украінскіх нацыянальна-патрыятычных арганізацый прыйшлі да беларускай амбасады ў Кіеве.
Яны патрабавалі вызваліць затрыманых у Мінску актывістаў “Нацыянальнага Альянса”. Нагадаем, трое грамадзян Украіны, сяброў украінскай арганізацыі ўчора былі затрыманыя ў беларускай сталіцы (яны прыехалі ў Беларусь, каб прыняць удзел у святкаванні Дня Волі). Юлію Грышчук і Юлію Слівінскую сёння судзяць у Савецкім раённым судзе. Магчыма, будуць судзіць і непаўналетняга Назара Зеліноўскага. Ім інкрымінуецца непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.
Акцыі каля беларускай амбасады працягнуцца да моманту вызвалення ўкраінцаў.
Кіраўніца “Нацыянальнага Альянсу” Мая Масквіч звярнулася з лістом да міністра замежных справаў Украіны Леаніда Кажары. Яна просіць прыкласці ўсе намаганні для найхутчэйшага вызвалення затрыманых і іх бяспечнага вяртання на радзіму.


