У крызіс у сталічных кавярнях узраслі чаявыя і стала больш замежнікаў

Як даведалася Еўрарадыё, падчас крызісу ў беларускіх кавярнях і рэстаранах сталі пакідаць больш афіцыянтам “на гарбату”.

“Чаявыя сталі больш у кожным разе, нават калі пераводзіць у валюту”, — распавёў Еўрарадыё хост “Мон кафе” Андрэй Пятровіч.

Афіцыянты адказваюць шчодрым наведвальнікам удзячнасцю. Андрэй Пятровіч канстатуе, што падчас эканамічных страсенняў у грамадстве якасць сэрвісу ў рэстаранах расце.

Андрэй Пятровіч: “Афіцыянты разумеюць, што ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі толькі ад іх саміх залежыць памер узнагароды афіцыянту. Чалавек становіцца больш пераборлівым у выбары месца, дзе ён хоча папіць кавы і дзе ён хоча пакінуць 12 тысяч рублёў за філіжанку амерыкана”.

Істотна змяніліся і густы беларусаў, якія ходзяць у рэстараны. Раней людзі часта прыходзілі ў “Мон кафе”, каб паабедаць. Цяпер жа туды ідуць “пашыкаваць”: замест звычайных супа ці салаты “Цэзар” замаўляюць якую-небудзь экзатычную страву. Напрыклад, “Ласось у шампані”.

Руслан, які працуе афіцыянтам у адной з мінскіх кавярняў, кажа, што за апошнія месяцы даваць “на гарбату” яму менш не сталі. Толькі каб атрымаць гасцінцы, сапраўды даводзіцца пастарацца.

Руслан: “Чалавек разумее, што падчас крызісу можа ўвогуле застацца без грошай. І пачынае працаваць лепш”.

Паводле словаў Руслана, кантынгент наведвальнікаў кавярні амаль не змяніўся — звычкі так хутка не знікаюць. А вось у “Мон кафе” стала заходзіць больш замежнікаў. Працягвае Андрэй Пятровіч:

Андрэй Пятровіч: “З 10 сталоў два дакладна закажуць замежнікі. Гэта і італьянцы, і французы, людзі з Усходу. Учора былі 4 італьянцы, 1 француз і 4 арабы. Раней замежнікаў было менш”.

Адміністратар аднаго з буйных мінскіх рэстаранаў кажа, што асабліва шмат з’явілася расіян, якія пры любой нагодзе выказваюць сваё захапленне тым, што ў Беларусі ўсё, на іх погляд, вельмі танна.

Адміністратар рэстарана: “У разы зменшылася колькасць наведвальнікаў. Больш стала хадзіць толькі расіян, якія карыстаюцца эканамічнай сітуацыяй у нашай краіне. Пастаянныя госці ходзяць, як і раней, — гэта людзі з дастаткам вышэй за сярэдні. Тыя, хто прыходзілі папіць піва і з’есці нешта недарагое, зніклі ўвогуле”.

Бармэн “Кальяннай №1” Наталля кажа, што ў іх таксама змяніўся кантынгент. Раней была “ідэйная” публіка, а цяпер у “Кальянную” пачалі прыходзіць  толькі з-за таго, што гэта вядомае месца, а наведваць яго модна.

Але, у той жа час, замовы сталі больш сціплымі.

Наталля: “У асноўным п’юць гарбату. Калі раней прыходзілі і маглі дазволіць сабе шмат алкаголю, тых жа кактэйляў папіць, дык зараз спіртное даволі дарагое. Таму неяк менш п’юць. Праходзяцца па безалкагольных напоях: кава, гарбата, сокі”.