У лесапарку каля санаторыя "Шыннік" - сметнік з бульбы і шклаваты
Лесапарк, які акаляе бабруйскі санаторый "Шыннік", моцна засмечаны стыхійнымі сметнікамі. Шмат якое смецце яўна "дзяржаўнага" паходжання.
Многія бабруйчане і замежнікі, якія адпачываюць у санаторыі, штодзень бачаць брудную і экалагічна шкодную звалку шкловалакна. Накіданыя праз дарогу кучы ўцяпляльнай шклаваты сарваныя з цеплатруб, якія цягнуцца з мікрараёна "Заходні" ў бок "Шынніка".
Без сумневу, гэта справа рук рабочых, якія праводзілі тут рамонтныя працы. Але чамусьці пасля прыпынення работ смецце ніхто не вывез. Шмат хто з адпачывальнікаў рэгулярна тут прагульваецца, многія гуляюць з дзецьмі. Фактычна - гэта найбольш блізкі і просты шлях ад санаторыя да горада.
У самім лесапарку наагул вельмі цяжка не сустрэць брудную звалку. Побач з дарогамі сустракаецца самае рознае смецце: парэшткі ад нейкага будаўніцтва, слоікі з-пад фарбы і ацэтона, пластыкавыя пляшкі.

А ў апошні час невядомыя пачалі звозіць у лесапарк сапсаваную садавіну. У лесе сустракаюцца вялізныя кучы гнілой морквы і бульбы. Становіцца відавочна, што гэта не маглі зрабіць асобныя людзі і тут "працавала" пэўная арганізацыя.
Нядаўнія рэспубліканскі і агульнагардскі суботнікі на стане лесапаркавай зоны ля санаторыя ніяк не адбіліся.