У Літве нанова разгледзяць справу збеглага беларускага салдата
Такое рашэнне прыняў літоўскі Дэпартамент міграцыі.
Нагадаем, што 22-гадовы Сцяпан Захарчанка дэзэрціраваў з беларускага войска і папрасіў палітычнага прытулку ў Літве. Ён сцвярджае, што адмовіўся падпісваць дакументы пра выкарыстанне фізічнай сілы супраць грамадзянскага насельніцтва. У Беларусі, кажа Захарчанка, яму пагражае небяспека.
Раней Дэпартамент міграцыі адмовіў Захарчанку ў атрыманні палітычнага прытулку. Хлопец абскардзіў рашэнне ў Віленскім акруговым судзе, і той 12 кастрычніка задаволіў скаргу беларускага ўцекача.
Новы разгляд прашэння Захарчанкі можа зацягнуцца да трох месяцаў ці паўгода, адзначае DELFI. Тым часам уцякач жыве ў Цэнтры рэгістрацыі замежнікаў у Пабрадзе, недалёка ад беларускай мяжы.
Генпракуратура Літвы атрымала некалькі просьбаў пра выдачу Захарчанкі ў Беларусь. Аднак ад падрабязных каментароў на гэты конт літоўскія пракуроры адмаўляюцца.
Фота — 15min.lt