У лівійскай амбасадзе ў Афінах знайшлі склад зброі
Знаходку зрабілі супрацоўнікі пасольства.
Паводле папярэдняй версіі, перадае РБК, таемны арсенал быў арганізаваны дыпламатамі часоў Муамара Кадафі. У схованцы дыпламаты знайшлі 30 пісталетаў, 2 аўтаматы, 2 ручныя гранаты і 15 кілаграмаў выбухоўкі. Акрамя таго там было 1200 патронаў да розных тыпаў зброі, "глушыцелі", дэтанатары, а таксама абсталяванне для праслухоўвання.
Пасля ўзгаднення з Трыпалі лівійскія дыпламаты здалі ўвесь арсенал паліцыі Грэцыі.
Нагадаем, у ліпені мінулага года Кадафі абяцаў адправіць у Еўропу сотні тэрарыстаў-смяротнікаў. Яны мусілі правесці шэраг нападаў у адплату за ваенную кампанію NATO.