У Лодзі ўшанавалі памяць дзеяча БНР Язэпа Фарботкі (фота)
Магілу дыпламата Беларускай Народнай Рэспублікі знайшлі літаральна пару тыдняў таму.
4 верасня "Беларуская Нацыянальная Памяць" ушанавала ў Лодзі пахаванне культурнага, грамадскага і палітычнага дзеяча БНР — Язэпа Фарботкі. 5 верасня споўнілася 119 гадоў з дня яго нараджэння.
У Лодзі перад прысутнымі выступіў старшыня БНП Анатоль Міхнавец. Ён расказаў пра жыццёвы шлях Фарботкі ды пра тое, як знайшлі яго магілу. Пасля хвіліны маўчання ў памяць Фарботкі на яго магіле былі запаленыя бел-чырвона-белыя знічы.
Язэп Фарботка нарадзіўся 5 верасня 1893 года ў мястэчку Налібокі. У 1918 годзе ён быў сябрам дэлегацыі БНР у Кіеве. З яго дапамогай Украінская Народная Рэспубліка прызнала незалежнасць БНР. Пасля вайны Фарботку арыштавалі і саслалі ў Данбас. Напрыканцы 1945 года ён пасяліўся ў Лодзі, там і памёр у 1956 годзе.
Дарэчы, знайсці памятныя месцы ў Еўропе, звязаныя з беларускай гісторыяй, кожны ахвотны можа праз інтэрактыўную мапу БНП.


