У Магілёве міліцыянты здзекваліся з беларускамоўнага юнака
А 24 лістапада пройдзе суд над ім.
17 лістапада Андрэя Падаляка затрымалі за тое, што размаўляў на вуліцы па-беларуску. Актывісту "Моладзі БНФ" заявілі, што ён падобны да злачынцы і завялі ў пастарунак. Там у яго паспрабавалі адкатаць пальцы, але юнак адмовіўся, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
Тады, кажа хлопец, адзін з міліцыянтаў правёў яму валікам з чорным парашком па твары. Пасля гэтага міліцыянты павялі яго мыцца. А ў прыбіральні тры міліцыянты перакулілі хлопца дагары нагамі і акунулі галавой ва ўнітаз. Як кажа хлопец, яму не далі патэлефанаваць дадому і трымалі за кратамі 5 гадзінаў. У выніку хлопцу давялося выклікаць лекараў.
У судзе міліцыянты заявілі, што Падаляк быў п’яны і нецэнзурна лаяўся, аднак ніякага медыцынскага агляду не праводзілася. Суддзя адправіў пратакол на дапрацоўку, і хлопца часова адпусцілі.