У Магілёве праўладны кандыдат Уладзімір Васіленка адмовіўся ад тэледэбатаў
Усе астатнія пяць яго апанентаў будуць удзельнічаць у тэлевізійным шоў, якое адбудзецца 4 верасня.
Пра гэта паведамляе кандыдат у дэпутаты ад кампаніі “Гавары праўду” па Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акрузе №84 Леанід Падбярэцкі. Ён лічыць, што для Уладзіміра Васіленкі дэпутацкае месца ўжо вызначанае на чарговы тэрмін і ён не збіраецца прыкладаць дадатковыя намаганні, каб заваяваць электарат. Самі ж дэбаты накіраваныя на тое, каб апазіцыйныя кандыдаты “спусцілі пару”.
Нагадаем, што па выбарчай акрузе №84 балатуюцца таксама ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Аляксандр Ірхо, ад АГП — Мікалай Расюк, ад ЛДП — Уладзімір Ефімовіч. Шляхам збору подпісаў вылучыўся хірург Міхаіл Ялавы.