У Магілёўскім КДБ цягам двух дзён дапытвалі Крысціну Шацікаву
Праваабаронца грамадзянскай кампаніі “Наш Дом” Крысціна Шацікава была дапыта супрацоўнікамі вайсковай контрвыведкі.
Нагодай для допытаў сталі падзеі, якія адбываліся 19 снежня ў Мінску.
“Супрацоўнікаў контрвыведкі зацікавілі фотаздымкі, якія я рабіла па Плошчы і бачыла тых людзей, якія білі вокны, — гаворыць Крысціна Шацікава. — З фотаздымкаў відаць, што вокны білі не дэманстранты, а невядомыя правакатары. У супрацоўнікаў контрвыведкі ёсць фота і відэаматэрыялы, дзе вокны і дзверы Дома ўрада былі пабітыя і выламаныя, а як гэта ўсё пачыналася, яны засняць не паспелі і мае матэрыялы для іх аказаліся карыснымі”.
Негледзячы на тое, што Крысціна Шацікава раней перадала фотаздымкі ў Магілёўскае абласное КДБ і Першамайскі райаддзел міліцыі, контрвыведчыкі аказаліся незадаволеныя допытам, які праводзілі іх магілёўскія калегі, і вырашылі зрабіць яго самастойна.
Крысціна адзначае, што цягам першага дня допыту контрвыведчыкі паказвалі фотаздымкі і відэаматэрыялы, на якіх яна шукала гэтых правакатараў, а на другі дзень праходзіў следчы эксперымент каля магілёўскага Дома Саветаў, які вельмі падобны да Дома ўрада ў Мінску. Пра кандыдатаў і апазіцыю ў яе нічога не запытвалі.
“Я паказала супрацоўнікам контрвыведкі, дзе прыблізна хто з гэтых правакатараў стаяў і што рабіў. Пасля гэтага мы пайшлі зноўку ў будынак КДБ, каб занесці дадзеную мной інфармацыю ў пратакол”, — распавяла Крысціна Шацікава.