У Магілёве прапануюць заплаціць 10 тысяч, каб стаць "найлепшым хлопцам"

Узрост удзельніка конкурсу ад 16 гадоў да 31 года. Апрача таго, ён павінен мець прыемны знешні выгляд, умець апранацца, быць разняволеным у рухах, мяняцца ў прапанаваных абставінах, а таксама быць высокаінтэлектуальным.

"Мы вырашылі крыху хлопцаў Магілёва ўзвысіць. Ужо занадта яны нізка ўпалі ў вачах жанчын, дзяўчат. Месцы не ўступаюць у аўтобусах, кураць, брыдка лаюцца. Мы хацелі б паказаць лепшую палову мужчынскага маладога пакалення", — заявіла БелаПАН рэжысёр конкурсу Дзіна Цецерукова.

Паколькі конкурс з'яўляецца камерцыйным, жадаючыя ўзяць у ім удзел апрача падачы заявы павінны заплаціць уступны ўзнос у памеры 10 тысяч рублёў. Пяці фіналістам, сярод якіх будзе выяўлены лепшы хлопец у Магілёве, трэба будзе заплаціць яшчэ 50 тысяч.

Фота — bymedia.net