У Маладзечне забаранілі выставу “Прэс-фота Беларусі”

Выстава “Прэс-фота Беларусі” мела прадэманстраваць працы прафесійных фатографаў, якія супрацоўнічаюць са СМІ. Яна планавалася ў маладзечанскім мясцовым Доме культуры. Было гатова ўсё — фотаздымкі, рамкі. Адміністратарка выставаў прыняла экспазіцыю. Але 19 ліпеня арганізатарам раптам паведамілі, што ў Доме культуры рамонт.

Адзін з арганізатараў выставы фотакарэспандэнт Вадзім Заміроўскі паведаміў у жывым эфіры Еўрарадыё, што адміністрацыя Дома культуры спасылаецца яшчэ і на будучыя "Дажынкі". Нібыта пакуль вядзецца падрыхтоўка да іх, ніякія мерапрыемствы ў горадзе праводзіць нельга.

Еўрарадыё: Распавядзіце спачатку пра выставу і калі яна мелася адбыцца?

Вадзім Заміроўскі: “Выстава “Прэс-фота Беларусі” – вядомы беларускі праект. Гэты конкурс праводзіцца ўжо другі год. Выстава лепшых фатаграфіяў сярод рэпарцёраў мусіла адбыцца ў чацвер, 21 ліпеня, але ж ужора мне патэлефанавала адміністратар, з якім я кантачыў, каб гэтую выставу зрабіць, і паведаміла, што, на жаль, выстава не можа адбыцца. Учора і сёння я спрабаваў датэлефанавацца да дырэктаркі, але гэта ў мяне не атрымлівалася. Толькі сёння я размаўляў з намеснікам дырэктара, якая падцвердзіла інфармацыю, што выстава адбыцца не можа, бо выканкам даў загад, што ніякіх мерапрыемстваў у іх у дадзены момант не можа адбывацца ў сувязі з рамонтам”.

Еўрарадыё: На колькі я чуў, гэта таксама было звязана неяк з “Дажынкамі”, ці так гэта?

Вадзім Заміроўскі: “Так. Зараз горад рыхтуецца да “Дажынак”, і ў гэтай сувязі ніякіх мерапрыемстваў у Палацы культуры адбывацца не павінна, мне пра гэта паведаміла намеснік дэрэктара”.

Еўрарадыё: У вас была папярэдняя дамова?

Вадзім Заміроўскі: “Зразумела. Мы зрабілі другі камплект фатаграфій, мы прывезлі іх і амаль ужо павесілі. У апошні момант – за два дні да адкрыцця – нас паставілі ў такія абставіны”.

Еўрарадыё: Чаму выстава мусіла адбыцца ў Маладзечна, супадзенне з “Дажынкамі” выпадковае?

Вадзім Заміроўскі: “Супадзенне з “Дажынкамі” – гэта проста супадзенне. Мы намагаемся паехаць у максімальную колькасць гарадоў, дзе мы маем магчымасць правесці выставу. Быў кантакт з гэтым Палаца культуры, і мы дамовіліся яшэч зімою ці вясной, што гэтая выстава адбудзецца”.

Еўрарадыё: Што вы зараз будзеце рабіць? Ці будзеце спрабаваць правесці выставу ў Маладзечна?

Вадзім Заміроўскі: “Я не ўпэўнены, што гэтая сітуацыя датычна толькі нашай выставы. Можа, у іх сапраўды такі загад выканкама, наконт усіх мерапрыемстваў. Мы можам забраць толькі нашыя здымкі і шукаць іншае месца, дзе можна будзе зрабіць гэтую выставу”.