У Мазыры забаранілі мітынг памяці габрэяў, што спалілі сябе падчас акупацыі

Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў выхадзец з Мазыра Якаў Гутман.

Мітынг планавалася правесці 31 жніўня, у 70-я ўгодкі акту самаспалення. Па словах Гутмана, улады Мазыра прапанавалі перанесці мітынг на 27 студзеня — Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту.

31 жніўня 1941 года, праз 10 дзён пасля акупацыі Мазыра нацыстамі, больш як 20 гараджан спалілі сябе. Яны паўтарылі подзвіг сваіх продкаў — абаронцаў юдэйскай крэпасці Масада, якія ў 73 годзе н.э. забілі сябе, каб не прамяняць волю на рымскае рабства.