У мінскім аэрапорце знялі майку з туркмена, знайшлі больш за $90 тысяч

Мужчына прыляцеў з Ашхабада і не меў пры сабе багажу. Да таго ж ён са сваім спадарожнікам спрабаваў як мага хутчэй перасекчы мяжу. У выніку, на яго звярнулі ўвагу мытнікі аэрапорта "Мінск-2", якія правялі асабісты дагляд.

Як паведамляе БелаПАН, парушальнік хаваў долары ў спецыяльных схаваных кішэнях, зробленых з унутранага боку майкі. У яго, дарэчы, знайшлі дэкларацыю, якую ён запаўняў у Туркменістане з пазначэннем усёй сумы. Цяпер лёс "лішняй" валюты вырашыць суд (як вядома, без дэкларавання праз мяжу Мытнага саюза можна перавозіць 10 тысяч долараў).