У Мінску не каментуюць інфармацыю пра расійскага бізнэсмена Мазепіна
Ён нарадзіўся ў Мінску ў 1968 годзе, скончыў Сувораўскую вучэльню, атрымаў вышэйшую эканамічную адукацыю і заняўся бізнэсам.
Рэсурс РБК-Украіна паведаміў пра магчымае прызначэнне віцэ-прэм'ерам беларускага ўрада Дзмітрыя Мазепіна, старшыні савета дырэктараў хімічнай кампаніі "Уралхім". Пры гэтым спасылаўся на крыніцу ў Адміністрацыі кіраўніка Беларусі.
Нібыта, на гэтай пасадзе Мазепін будзе курыраваць пытанні фінансава-эканамічных узаемаадносінаў з галоўным знешнім контрагентам Беларусі — Расіяй. Таксама адзначалася, што каб расійскі бізнэсмен змог заняць дзяржаўную пасаду ва ўрадзе Беларусі, яму спецыяльным указам прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі будзе дадзена беларускае грамадзянства, інфармуе БелаПАН.
"Наша ніва" піша, што кампанія "Уралхім", якую ўзначальвае Мазепін, ужо абвергла інфармацыю пра запланаванае прызначэнне. Выдалілі сваю публікацыю і кіеўскія журналісты.