У Мінску п'яны кандыдат у майстры спорту скакаў па прыпаркаваных машынах
Міліцыянты пачалі крымінальную справу на 19-гадовага непрацуючага мінчука.
Гэты кандыдат у майстры спорту па акрабатыцы вяртаўся дадому пасля вечара, праведзенага ў кампаніі сяброў. На дваровай аўтастаянцы на вуліцы Шаранговіча нецвярозы спартовец вырашыў даць акрабатычны майстар-клас.
Спачатку ён ускочыў на капот "Мазды", затым і на яе дах. Потым ён стаў пераскокваць на дахі суседніх аўтамашын - "Опель-Зафіра", "Вольва", "Рэно-Лагуна". Некалькі разоў спартовец падаў на асфальт, аднак ізноў ускокваў на машыны, пакідаючы на іх вялікія ўвагнутасці.
У выніку былі пашкоджаныя чатыры іншамаркі, перадае БелаПАН. Іх уладальнікам нанесеная шкода больш як на 8,5 млн рублёў.